ПРАМЯНЁВЫЯ ПАШКО́ДЖАННІ,

паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамянення пры мясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.

Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)